ВАЕ́ННЫЯ ПАСЯЛЕ́ННІ,
асобая арганізацыя войск у Рас. імперыі ў 1810—57, якія сумяшчалі ваен. службу з с.-г. працай. Уведзены па ініцыятыве імператара Аляксандра І з мэтай самазабеспячэння арміі харчаваннем і фуражом, адмаўлення ў мірны час ад рэкруцкіх набораў і стварэння ізаляванай ад цывільнага насельніцтва ваен. касты, якая служыла б апорай самадзяржаўна-прыгонніцкага ладу. Стварэнне ваенных пасяленняў было даручана графу А.А.Аракчэеву (з 1817 афіц. начальнік ваенных пасяленняў). З’яўляліся адной з праяў аракчэеўшчыны. Размяшчаліся на казённых землях. Першае доследнае ваеннае пасяленне ўтворана ў 1810 на тэр. б. Бабылецкага староства Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ. Пасля высялення на Украіну 667 сем’яў мясц. дзярж. сялян тут быў размешчаны асабовы склад Ялецкага пях. палка. Жанатыя салдаты і унтэр-афіцэры, якія праслужылі не менш як 6 гадоў, надзяляліся зямлёй, атрымлівалі найменне «гаспадароў» і павінны былі весці гаспадарку. У дапамогу да «гаспадароў» падсяляліся «пастаяльцы» з непаселеных батальёнаў палка. Сыны ваен. пасялян залічваліся ў кантаністы. З 1816 ваенныя пасяленні ствараліся ў шырокіх маштабах. Урад адмовіўся ад перасялення мясц. жыхароў і ўключаў іх у ваенныя пасяленні ў якасці «гаспадароў» ці «пастаяльцаў». На Беларусі ў 1817 па суседстве з Ялецкім палком быў размешчаны Полацкі пях. полк. Да 1825 ваен. пасяляне, размешчаныя ў Наўгародскай, Пецярбургскай, Магілёўскай, Херсонскай, Слабодска-Украінскай і Екацярынаслаўскай губ., склалі больш за 11% пяхоты і каля 26% кавалерыі. Некаторая рэарганізацыя праведзена ў 1826 паводле «Палажэння аб поўным складзе паселенага пешага палка і яго абавязках». Стварэнне ваенных пасяленняў не мела поспеху: пасяляне не здольны былі забяспечыць сябе харчаваннем і карысталіся дзярж. дапамогай; кантаністы ўзнаўлялі нязначную частку натуральнага змяншэння асабовага складу; замест апоры самадзяржаўя ваенныя пасяленні сталі асяродкам масавага антыпрыгонніцкага руху (паўстанні Чугуеўскага і Таганрогскага уланскіх палкоў 1819, ваен. пасялян у Старой Русе Наўгародскай губ. 1831). Паводле рэформы ваенных пасяленняў пях. пасяляне пераводзіліся ў ворныя салдаты (на Беларусі ў 1836). Кавалерыйскія ваенныя пасяленні праіснавалі да 1857, ліквідаваны разам з акругамі ворных салдатаў.
Ю.А.Балашоў Ю.А.Блашкоў.
т. 3, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)